Наталля Саматыя: «Боль забываецца»
Выпадковы візіт да доктара абярнуўся анкалагічным дыягназам, які большасць лічыць прысудам. Прайшло пяць гадоў – Наталля зноў працуе ў школе, а свой «зарад адрэналіну» атрымлівае на канцэртах Джэтра Тал і Мэрэліна Мэнсана.
Наталля Саматыя з таго кшталту жанчынаў, пра якіх кажуць «эфектная». Яна карэнная мянчучка, скончыла «ін’яз». Раней выкладала ў школе замежную мову, а цяпер працуе сацыяльным педагогам. Сама атрымала дадатковую адукацыю і не шкадуе, бо кажа, што школе вельмі патрэбныя людзі, якія могуць не толькі загадваць і прыдумляць пакаранні. Але і тыя, хто здольны зразумець дзяцей і бацькоў.
«Пяць гадоў таму, – апавядае Наталля, – я была поўнай жыцця, актыўнай і абсалютна здаровай жанчынай».
Калі пасля выпадкова зробленага даследавання выявілася, што ў яе анкалогія, паверыць было проста немагчыма. Ультрагукавое даследаванне шчытападобнай залозы яна пайшла рабіць «за кампанію» ў дыягнастычны цэнтр. Па выніках яе папрасілі зрабіць біяпсію. Праз два тыдні жыццё стала іншым:
«Муж мне на працу прывёз паперу, што ў мяне рак шчытападобнай залозы і яго трэба мусова апераваць. Я пайшла тады ў суседні кабінет да нашага дырэктара і кажу яму: «У мяне рак». А ён глядзіць на мяне як на вар’ятку і кажа: «Наташа, ты што, ашалела?!».
Праўда, пра праблемы з залозай Наталлі казалі яшчэ ў яе паліклініцы. «Але ведаеце, да эндакрынолага трапіць – гэта цуд проста, такія чэргі. Казалі, што праблемы ёсць, але ніхто мне не прапаноўваў ніякіх даследаванняў, ніхто не казаў, што гэта можа быць так сур’ёзна».
Наталля апавядае, што было вельмі страшна. Кажа, што прыйшла дахаты, проста лягла на канапу і не ўставала дзесяць дзён. Плакала і спрабавала зразумець, што гэта такое і чаму гэта здарылася з ёй. Не зразумела.
«Лягчэй мне стала ўжо ў шпіталі. Калі я трапіла ў бальніцу і пабачыла, як людзям там цяжка і як шмат там хворых, то я стала ўжо ім дапамагаць. Тут, у сваім доме, я была такая слабая, а там я стала моцнай. Я адразу зразумела, што гэта мая дапамога патрэбная, а не мне».
У доме Наталлі вельмі шмат незвычайных рэчаў, якія гаспадыня шчыра любіць. Антыкварныя піяніна і гадзіннік Наталля захоўвае для старога сябра, які эміграваў у Нямеччыну. Справа ў вазе – корань. Наталля пераўтварае іх у творы мастацтва. Збірае сама, але, ведаючы пра яе захапленне, незвычайныя карані нясуць у падарунак сваякі і знаёмыя.
Падчас размовы Наталля шмат разоў плача ці, можа, нават не перастае плакаць. Кажа, што помніць свой страх. Асабліва перад аперацыяй:
«У дзень аперацыі хірург ідзе па ўсіх палатах, і ў яго руках чорны фламастэр. І вось гэтым фламастэрам ён чэрціць табе на целе лінію, дзе будуць апераваць. І ты ведаеш, што праз гадзіну-дзьве ты пойдзеш. Чакаеш, каталкі з аперацыйнай і ў аперацыйную вязуць перад табою па калідоры. Гэта ўсё я памятаю вельмі добра. А боль забываецца», – кажа яна.
Падчас аперацыі Наталлі выдалілі шчытападобную залозу, парашчытападобную залозу і 26 пар лімфатычных вузлоў. Цяпер гэтыя падрабязнасці – частка яе біяграфіі.
Яна ўдзячная беларускім дактарам. Упэўненая, што ў шпіталі ўсё зрабілі так, як трэба, і стаўленне ўсіх да яе і іншых хворых было вельмі добрым. Але страшна тое, як шмат там апынулася людзей.
«Мне казалі ў шпіталі, што чарга на такую апэрацыю – 300 тысяч чалавек. Я не буду гэтага сцвярджаць, не магу апераваць такімі лічбамі, проста не ведаю. Але людзей было вельмі шмат – маленькія, дарослыя, маладыя. Проста ўсе».
У хваробе Наталля не шукала ані бога, ані альтэрнатыўнай медыцыны. Вярнулася на працу як найхутчэй. Калі мы як звычайна запыталіся, ці можа Наталля меркаваць, што стала прычынай яе хваробы, яна ўпэўнена адказвае: «Чарнобыль!».
«Ніхто з маіх сваякоў ніколі не хварэў на рак, – кажа яна. – І ведаеце, у нас яшчэ шмат старажылаў у сям’і. Крыўдна, што лічыцца, што ты мог атрымаць гэтую дозу ў Гомельскай вобласці. А я ўвесь час жыла ў Мінску. У мяне не было перадумоваў, каб я набрала такую колькасць радыяцыі, каб раптам у мяне ўзнік рак шчытападобнай залозы.
Пасля аперацыі далі трэцюю групу інваліднасці. «Калі збіралася камісія па інваліднасці, у мяне спыталі: ці я была ў Гомельскай вобласці, і я сказала: не. Мне далі трэцюю групу».
Праўда, Наталля кажа, што і перад камісіяй заявіла: «Я хачу і буду працаваць, бо хачу жыць».
У гэтай патрэбе працы не толькі прага жыцця і настойлівасць характару Наталлі. Трэцяя група інваліднасці не дае ёй аніякіх ільготаў. А здароўе пасля перанесенай хваробы патрабуе штодзённага клопату.
«За гэтыя гады стан усіх органаў настолькі пагаршаецца, што іх трэба ўвесь час падтрымліваць. Я іду да дактароў — і мне выпісваюць такую колькасць лекаў: для сэрца, для нырак, для пячонкі. Для ўсяго! Я першы час хадзіла і купляла. Але ў мяне няма такіх грошай, каб усё купіць. І ніякай дапамогі ад дзяржавы няма».
Мы пытаем, колькі грошай яна траціць на лекі, і атрымліваем балючы адказ:
«Я цяпер іх проста не купляю! Апроч тых, што трэба, каб падтрымліваць абмен рэчываў».
Няма ў Наталлі і грошай, каб паправіць здароўе у самым простым, беларускім, санаторыі. Прасіць дапамогі ў дарослых дзяцей, якія жывуць сваім жыццём, яна не хоча. Дзяцей у яе двое, нядаўна нарадзіўся ўнук. Любоў да іх, кажа Наталля, гэта
аснова ейнага жыцця: «І, ведаеце, мае дзеці і я сама, мы не цэпкія да шкадавання. Я ніколі не хацела, каб яны бачылі, што мне цяжка, бачылі маю дэпрэсію».
«Я думаю, што я перамагла, бо я моцная. Я хачу ўсім сказаць, хто хварэе: калі вы любіце гэтае жыццё, хочаце яго вярнуць, – змагайцеся за яго».
Вось дзеці робяць ёй самыя дарагія падарункі – квіткі на музычныя канцэрты. Наталля кажа, што сапраўды шалее ад добрай музыкі, і паказвае сапраўдную кіпу квіткоў з апошніх найлепшых мінскіх канцэртаў. Мы паспяваем заўважыць сярод іх квіткі на Джэтра Тал, Мэрэліна Мэнсана і Рамштайн. «Любы канцэрт – гэта зарад адрэналіну», – тлумачыць Наталля.
«Мне цікавае ўсё: музыка, мастацтва, палітыка, геаграфія. Я не раўнадушная – гэта самае галоўнае! І ведаеце, гэта трэба выхоўваць. Я вось пэўная, што ў сваіх дзецях гэта выхавала», – такі жыццёвы рэцэпт ад Наталлі Саматыі.
Аляксандра ДЫНЬКО
Комментарии
Авторизуйтесь для комментирования
С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.