Убачыць і адчуць прыгажосць
Цікавы факт: калі праводзіліся раскопкі на Нямізе, у культурным пласце ХІІ стагоддзя археолагі знайшлі лясную скульптуру — драўлянага канька. А што ствараюць з прыродных матэрыялаў нашы сучаснікі? Пра гэта можна даведацца падчас выставак, якія ладзяць члены мінскага клуба “Прырода і фантазія”.
Больш як чатыры дзесяцігоддзі таму некалькі энтузіястаў правялі першую выстаўку сваіх работ у Палацы прафсаюзаў і аб’ядналіся ў секцыю “Прырода і творчасць”, якая “прыжылася” пры сталічным Доме прыроды. Першыя наведвальнікі былі здзіўленыя, калі ўбачылі, якія незвычайныя рэчы нараджаюцца ў руках самабытных майстроў.
Адна за адной ладзіліся ў розных установах выстаўкі, а самая значная прайшла на пляцоўцы беларускай Выстаўкі дасягненняў народнай гаспадаркі, а потым нават на ВДНГ у Маскве і нямецкім Патсдаме. У 1987 годзе з секцыі “Прырода і творчасць” нарадзіўся клуб з крыху новай назвай — “Прырода і фантазія”.
— У пачатку сямідзясятых гадоў мінулага стагоддзя да самабытных умельцаў далучылася народная артыстка Беларусі і СССР Стэфанія Станюта, — успамінае кіраўнік клуба Аляксандр Лейко. — Прыйшла не з пустымі рукамі, а прынесла пацеркі, завушніцы, калье з прыродных матэрыялаў, а таксама дробную пластыку. Гэтым рамяством яна вельмі захаплялася і старалася захапіць іншых. Калі размова ішла пра нейкую дапамогу, напрыклад, проста прасвідраваць дзірачку ў кулончыку, яна адказвала:
“Сумесныя творы — гэта сумесныя, а асабістыя — гэта асабістыя. Дзяліць славу ні з кім не буду!”. Адну частку сваіх работ народная артыстка перадала Дзяржаўнаму музею гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Беларусі, другую падарыла родным і сяброўкам, а чатыры дзясяткі яе твораў засталіся ў нашым клубе. Іх можна ўбачыць падчас выставак, якія мы рэгулярна ладзім. Стэфанія Міхайлаўна прываблівала арыстакратызмам і дабрадушнасцю. Яна часта паўтарала: “Трэба дружыць!”. Прыходзіла на пасяджэнні заўсёды з тортам “Ленінградскі”, які вельмі любіла. Мы чаёўнічалі, вялі няспешныя гутаркі, адпачывалі душою. Членаў клуба яднала не толькі творчасць, але найперш сяброўства, цёплыя чалавечыя адносіны.
Калі распаўся Савецкі Саюз, многія кінуліся зарабляць грошы, а Аляксандр Аляксандравіч са Стэфаніяй Міхайлаўнай пастараліся захаваць клуб. Сабралі вакол сябе каля трох дзясяткаў майстроў. Адна за адной праходзілі ў Мінску выстаўкі, далучаліся новыя творцы. Цяпер іх амаль 80, з іх 17 чалавек ― інваліды ІІ і ІІІ груп. Ёсць і некалькі маладых людзей. Прынамсі, студэнтку Таццяну Чаховіч, зараз дыпламаванага архітэктара, прывяла ў клуб яе бабуля – Сафія Гвардзіян, даўні член клуба. Дарэчы, яго наведваюць не толькі мінчане, але і прадстаўнікі іншых рэгіёнаў. Майстры выстаўлялі свае работы ў многіх гарадах нашай краіны. Прытым у асноўным за свае сродкі. Тыя, хто хоць аднойчы завітаў на выстаўку самабытных умельцаў, мянялі свае адносіны да прыроды, а ў некаторых нават з’яўлялася жаданне самім штосьці майстраваць, тварыць.
— Тое, чым займаюцца мае калегі, не проста захапленне, хобі, — зазначае Аляксандр Лейко, былы тэрміст-універсал. — У кожнага з нас падчас творчай працы нібы адкрываецца другое дыханне, паляпшаецца самаадчуванне. Але, лічу, нас вельмі мала. Справа яшчэ і ў тым, што клуб пакуль не мае пастаяннага памяшкання для правядзення майстар-класаў, пасяджэнняў, экспазіцыі, хаця сабралі ўжо больш як тысячу работ. Спадзяёмся, у бліжэйшы час вырашым гэтую праблему.
— Чым вы заклапочаны? Пра што марыце? — запыталася ў Аляксандра Аляксандравіча.
— Мне хацелася б, каб быў адзіны цэнтр, дзе б мы маглі перадаваць сваё майстэрства ўсім ахвочым. Многія і не ведаюць, што такое лясная скульптура, “з чым яе ядуць”. Асабіста я гатовы займацца са сваімі вучнямі бясплатна, толькі б яны гэтага хацелі. У мяне былі спробы знайсці пераемнікаў, але ўсе адказвалі: гэта вельмі складана! І я іх разумею, бо знайсці ў лесе, парку ці на балоце будучыя творы — задача не з простых. Прасцей узяць драўляную нарыхтоўку, абчасаць яе і стварыць задуманы вобраз. Хаця галоўнае, мабыць, не знайсці, а менавіта ўбачыць прыгажосць і данесці яе да гледача. Нашы работы — адзіныя ў свеце, бо іх стварыла сама прырода, а ўжо майстар давёў яе задумку да канца.
Некалькі слоў яшчэ пра самога кіраўніка клуба – Аляксандра Лейко. Тварыць ён пачаў у дзесяцігадовым узросце. Яго захапленне вельмі падтрымлівала маці, бо лічыла: няхай сын лепш карэньчыкі разглядае, чым імчыцца да вірлівага ў іх мясцінах Нёмана. Працуючы на мінскім падшыпнікавым заводзе, атрымаў цяжкую траўму і ІІ групу інваліднасці. З году ў год яе пацвярджалі. Потым папрасіў урачоў прызначыць яму ІІІ групу з правам на працу, каб хоць штосьці зарабляць для сям’і. Быў загадчыкам склада на сваім жа заводзе. Але ў 2000 годзе пры падзенні на вуліцы атрымаў яшчэ больш цяжкую траўму. Некалькі цяжкіх месяцаў у бальніцы, потым дома. Вучыўся занава хадзіць. Дапамаглі стаць на ногі мануальныя тэрапеўты. З тых часоў у Аляксандра Аляксандравіча зноўку ІІ група інваліднасці – пажыццёва. Але ўсе гэтыя гады майстар не пераставаў тварыць і шчыра займацца справамі свайго клуба.
На здымку: Аляксандр Лейко прадстаўляе лясную скульптуру – “Таежная гарэзніца”.
Раіса МАРЧУК,
фота аўтара
Комментарии
Авторизуйтесь для комментирования
С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.