Лёсу свайго майстрыха

Поддержи

У Смалявічах Яўгенію Дзяркач ведаюць як паэтку і адметную майстрыху, якая займаецца лапікавым шыццём, ці пэчваркам. Прытым, на такім узроўні, што выстаўка яе работ некалькі месяцаў ладзілася ў цэнтральнай раённай бібліятэцы і выклікала непадробнае захапленне ў тых, хто змог з ёю азнаёміцца.

У свой час Яўгенія Адамаўна закончыла гандлёвы тэхнікум і атрымала дыплом тэхніка-тэхнолага па прыгатаванні ежы. Але гэтая справа была настолькі не яе, што вырашыла набыць іншую прафесію. Спрабавала паступаць на філфак, у інстытут замежных моў — не атрымалася. Пайшла кантралёрам на “Інтэграл”, дзе і адпрацавала на розных пасадах больш як тры дзесяцігоддзі.

Калі была паспартысткай у рабочым інтэрнаце, запісалася на курсы лапікавага шыцця для пачынаючых. Вырашыла пахадзіць, каб добра асвоіць саму тэхніку, бо шыць умела. Часценька штосьці перашывала (час быў такі) для дачкі і сына, зрэдку — для сябе. Майстэрства пераняла ад маці, Раісы Сцяпанаўны, якой бацька купіў машынку ў якасці пасагу. Маці рабіла абноўкі для ўсёй акругі.

Да вайны бацька Яўгеніі Адамаўны працаваў галоўным бухгалтарам у Лагойскім райспажыўсаюзе. Пасля прыходу немцаў Адам Якаўлевіч застаўся на акупіраванай тэрыторыі для арганізацыі партызанскага руху. Сям’я ж пераходзіла з вёскі ў вёску. Раіса Сцяпанаўна пастаянна шыла, тым і жылі. Калі пачыналася бамбёжка ці карнікі наступалі, ратавала хутчэй дзяцей, а іх было чацвёра, і …машынку. Шмат чаго давялося перажыць: і блакада была, і на тыф маці хварэла. Нейкі час яна ляжала без прытомнасці. Прыходзілі немцы, але ніхто з вяскоўцаў яе, як жонку партызана, не выдаў.

— У той дзень, калі фашысты спалілі Хатынь, маці разам з усімі намі сабралася ісці ў гэтую вёску, каб, як звычайна, пасяліцца з дзецьмі ў якойсьці хаце і шыць. Проста выпадкова мы туды не трапілі і засталіся ў жывых, — расказвае Яўгенія Адамаўна, якой тады было ўсяго тры гадкі…

Калі пачала хадзіць на курсы, вельмі захапілася новым хобі і захацела заняцца лапікавым шыццём усур’ёз. Нажная машынка не падыходзіла для такіх заняткаў, таму вымушана была некалькі месяцаў чакаць, каб узяць напракат ручную. Майстраваць хацелася нясцерпна. Прыходзіла з работы, карміла дзяцей і бегла назад у інтэрнат (жыла непадалёку), каб папрацаваць на машынцы, якая там мелася. Потым (о, шчасце!) займела сваю “Чайку”.

Пачынала з простых работ-аплікацый для ўпрыгажэння кватэры. Свае невялічкія пано дарыла родным, сябрам. Нават заказы пачалі паступаць на карцінкі, на аплікацыі-ўпрыгажэнні для адзення. Праўда, грошай за гэта не брала, бо не ўсё вымяраецца рынкавымі адносінамі. Потым вырашыла змайстраваць вялікае пано. Праўда, яе настаўніца сумнявалася, што Яўгенія Адамаўна зможа выканаць такую складаную работу. Але жанчына загарэлася і амаль самастойна прайшла складаны шлях: ад задумкі-мары, эскіза (добра, што ад прыроды дадзены ёй дар малявання) і да сапраўднай карціны. Падабраць лапікі — таксама справа няпростая. Трэба яшчэ і мастацкі густ мець. У савецкія часы існавала праблема і з абрэзкамі тканіны. Нічога, знайсці неабходнае дапамагалі сваякі, знаёмыя. Пакрыху завяршыла адну работу, другую, трэцюю…

Наступілі 90-я гады. Нейкі час не магла займацца любімай справай, бо наваліліся іншыя клопаты.

— Трэба было вызначыцца, дзе і як жыць, — распавядае жанчына. — Памерла маці, засталася пустая хата, а мяне заўсёды цягнула назад, на Смалявіччыну, у сваю вёску Кляннік, якая і “перамагла”. Тым больш што хацелася дапамагчы сыну-студэнту. Завяла немалую гаспадарку. Да пенсіі заставалася яшчэ некалькі гадоў, таму пайшла працаваць у мясцовы калгас малаказборшчыцай. Калі жыццё крыху ўсталявалася, зноў звярнулася да шыцця. З’явілася натхненне і для напісання вершаў. Адным словам, знаходжанне ў вёсцы, сярод прыроды, паспрыяла творчасці. У душы пасялілася гармонія. За некалькі гадоў да гэтага ўбачыла ў часопісе “Советская женщина” рэпрадукцыю “Руслана і Людмілы”. І вельмі захацелася зрабіць аднайменнае пано. Шчыравала над ім цэлы год.
Спачатку яе творчыя парывы прыкмецілі на месцы. Настаўнікі Кляніцкай сярэдняй школы прывялі вучняў да яе дамоў, каб дзеці паглядзелі работы майстрыхі. Потым прайшла выстаўка яе пано ў мясцовай бібліятэцы.

Праз нейкі час у Смалявічах аб’явілі творчы конкурс. Яўгенія Адамаўна вырашыла паўдзельнічаць у ім, дарэчы, у дзвюх намінацыях: “Паэзія” і “Народная творчасць” (у гэтай намінацыі прадставіла толькі адну работу — “Руслан і Людміла”). І перамагла ў абодвух спаборніцтвах — атрымала першае і другое месцы адпаведна.

Гэта быў штуршок, стымул, каб тварыць далей. Звярнулася да казак Пушкіна. Нарадзіліся новыя пано вялікага фармату: “Царэўна-лебедзь” і “Спячая прыгажуня”. Цяпер у арсенале жанчыны каля пятнаццаці работ. Адно пано месяцы тры спецыяльна шыла для ўнучак. Выканана яно, скажам так, у сучасным ключы. У ім, тлумачыць майстрыха, задзейнічаны тры стыхіі: агонь, маланка і паветра.

— Адчуваю вялікае задавальненне, калі працэс ужо закончаны, — гаворыць Яўгенія Адамаўна. — Вельмі многае хочацца вырабіць, падрыхтавана шмат эскізаў, ёсць цікавыя задумкі. А вось гаспадаркі ўжо няма. Сама здзіўляюся, як раней усюды паспявала. Цяпер іншая праблема — рамонт дома. У вясковага чалавека заўсёды клопатаў хапае, таму іншы раз цяжка знайсці час для шыцця, але заўсёды выкройваю некалькі гадзін. І лічу, што пры жаданні заўсёды можна гэта зрабіць.

Некалькі гадоў таму работы Яўгеніі Адамаўны дэманстраваліся ў Цэнтры мастацкай творчасці Фрунзенскага раёна г. Мінска, які наведвалі яе ўнучкі. Бабуля неяк зайшла за імі і пазнаёмілася з выкладчыкамі, паведала ім пра сваё захапленне, паказала здымкі пано і атрымала прапанову выставіць свае работы ў самім Цэнтры. Так атрымалася, што і журналісты сталічнага тэлебачання ўбачылі пано майстрыхі. У выніку Яўгенія Дзяркач стала гераіняй перадачы “Лёсу свайго гаспадыня”.

Раіса МАРЧУК, фота аўтара
На здымках: Яўгенія Дзяркач; “Мірскі замак” і “Каханне”.

Присоединяйтесь к нам! Telegram Instagram Facebook Vk

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.