Дорым радасць па-беларуску

Поддержи

Якія даспехі навобмацак? Колькі плацілі за іх нашыя продкі? Як дуда можа гучаць бесперапынна 20 хвілін? Адказы знайшлі вучні мінскай школы № 188 для дзяцей з парушэннямі зроку. Сацыяльна-культурная ўстанова «МоцАрт» разам з культурніцкай пляцоўкай «Прастора Бай» 23 сакавіка прывезла дзецям спазнавальныя, забаўляльныя і салодкія падарункі ў рамках новага праекта «Дорым радасць!».

Дорым радасць, Дарим радость. Прастора БайРабяты атрымалі беларускую класіку – творы Коласа, Купалы, Багдановіча, Караткевіча, Мележа, Маўра ды іншыя, а таксама казкі і песні ў аўдыяфармаце. Гэтыя аўдыякнігі выпусціла кампанія «Прастора Бай». Мерапрыемства як раз у духу «МоцАрта», бо аб’ядноўвае інклюзію лю-дзей з інваліднасцю па зроку і пашырэнне беларускай культуры. Нагадаю: самы знакаміты праект арганізацыі – «Бязмежнае кіно»: аўдыядэскрыпцыя (адаптацыя фільмаў для невідушчых людзей) залатой класікі «Беларусьфільма».

– Аўдыякнігі гэтым дзецям асабліва патрэбныя, бо шмат хто з іх не бачыць, – адзначае дырэктар «МоцАрта» Алесь Калоша. – Не меней важны падарунак – выступленне ваяра і дудара. Гэта наша, беларускае, гэта спрадвечнае. Мы запрасілі артыстаў, якія падарылі тактыльныя ўражанні. І невідушчыя дзеткі змаглі памацаць рыштунак, зброю, дуду. Дзеці спазнаюць свет, беларускую гісторыю, беларускую музыку – гэта класна. Пачынаюцца канікулы, гэтая акцыя стала своеасаблівым святочным фіналам чвэрці.

Калі дзеці чуюць, што вага сярэдневяковых даспехаў, рэканструкцыя якіх перад імі, болей за 45 кг, адкрываюць раты, калі Юрась Усціновіч, гісторык і адзін з заснавальнікаў руху гістарычнай рэканструкцыі ў Беларусі, правярае меч на гнуткасць, хлопцы ўжо прымерваюцца, як бы біліся такім з ворагам. Але праўду кажуць, няма ў кампаніі больш каштоўнага за дудара чалавека: як зайграе – душа і ў бой, і ў скокі. Дзеці пляскаюць у далоні, прытопваюць у такт, заахвочваючы музыку: яшчэ! Але кожны з іх чакае хвіліны, калі дазволяць падбегчы да блішчастага металу, дакрануцца, надзець шлем, праверыць, ці востры меч. Можа, нават дазволяць патры-маць у руках. І паспрабаваць надзьмуць мех дуды. І сціснуць яго. Праўда, у іх дуда не грае, а толькі пішчыць.

– Не кожны дарослы можа надзьмуць дуду, каб яна яшчэ нейкія гукі выдавала. А дзяўчынка сёння змагла – флейцістка, трошку была б прасцейшая дуда, яна б на ёй ужо грала, – ледзьве вырываецца са шчыльнага кола школьнікаў сябра нефармальнага Дударскага клуба і Студэнцкага этнаграфічнага таварыства Яўген Барышнікаў. – Дзеці паўсюль аднолькавыя. Недаверлівыя. Юрасю кажуць: не з жалеза даспех, у вас несапраўднае ўсё! І іх вельмі класна выцягваць, даваць паспрабаваць. Яны спрабуюць жыццё навобмацак, на смак, на дотык, усё правільна робяць. Гэта цікаўнасць да асветы, якую трэба задавольваць.

Спіс людзей, якія дапамаглі правесці акцыю, у тым ліку фінансава, немалы. Адзін з іх – заснавальнік ТАА «Кампанія ІТЦ», што займаецца продажам сеткі, платоў і спецвопраткі, Валерый Павідайка.

Дорым радасць, Дарим радость. Прастора Бай– Усе мы – удзельнікі такой сяброўскай суполкі бізнесменаў, якія спачуваюць беларушчыне. Больш за пяць гадоў як мы разам з «Прасторай Бай», цяпер з «МоцАртам» робім розныя акцыі. Я не скажу, што неяк па-асабліваму адношуся да людзей з інваліднасцю, гэта для меня звычайныя людзі. Галоўнае, чалавек у жыцці павінен атрымаць такія ўмовы, у якіх ён будзе сябе забяспечваць. Чаму для мяне важна ўдзельнічаць у такой дабрачыннай справе? У чалавека ёсць жаданне, каб добра было не толькі яму, але і другім людзям. Калі вы бачыце нешта добра зробленае, усмешкі на тварах бачыце, ад гэтага элементарна прыемна.

А нам прыемна паведаміць, што арганізатары пастараюцца дарыць радасць рэгулярна. Наступная паездка – у Маладзечна, у спецыяльную школу-інтэрнат для дзяцей з парушэннямі зроку, чакайце ў сярэдзіне красавіка. «МоцАрт» таксама зверне сваю ўвагу і на іншых дзетак, якія маюць праблемы са здароўем. Кіраўнік кампаніі «Прастора Бай» Алесь Квіткевіч кажа, што ён і яго прадпрыемства наколькі змогуць будуць падтрымліваць такія ініцыятывы.

– Для нас важна, каб беларуская культура пашыралася, прыходзячы ў тым ліку туды, дзе яе раней не было. Або была, але не ў такім аб’ёме, як бы нам усім хацелася. Гэта справа адраджэння Бацькаўшчыны, яна няхуткая, аднак плён гэтых намаганняў і тых «зярнятак», якія ўдаецца засеяць сёння, мы абавязкова пабачым заўтра, я ў гэтым упэўнены.

Сацыяльна-культурная ўстанова «Моц-Арт» выказвае шчырую падзяку людзям і кампаніям, дзякуючы якім стала магчымай дабрачынная акцыя «Дорым радасць!».

Прабачце, мы ж так і не адказалі, як дуда можа гучаць 20 хвілін, ні на секунду не прыпыняючыся! Можа і даўжэй. Дзякуючы меху, які дудар надзімае паветрам, а сціскаючы яго, выдае мелодыю.

Юлія ЛАЎРАНКОВА

Фота арганізатараў

 

Присоединяйтесь к нам! Telegram Instagram Facebook Vk

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.