Імбірны смак Калядаў
Чым пахнуць Каляды? Для большасці з нас, напэўна, хвояй і мандарынамі, для некага – духмянай хатняй выпечкай, для кагосьці, асабліва шчаслівага, – згатаванай бабуляю поснай куццёю. А ў краінах Заходняй Еўропы з Калядамі асацыюецца пах духмянага імбірнага печыва і пернікаў. У апошнія гады звычай рабіць такія пернікі, разам з іншымі трыдацыямі, стаў вядомы і ў Беларусі. А міжнародны сацыяльна-эканамічны фонд «Идея», мінская пякарня «Brioche Paris» і сетка піцэрыяў «ПиццБург» вырашылі далучыць да гэтае традацыі выхаванцаў Дзіцячага гарадка Ленінскага раёна Мінска. Там знаходзяцца дзеці-сіроты і дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў, і яны мелі магчымасць паўдзельнічаць у майстар-класе па роспісу імбірных пернікаў.
10 снежня ў пякарні «Brioche Paris» было сапраўды горача. Разам з пекарам-кандытарам Ларанам Шывэ і яго памочнікамі дзеці і падлеткі рабілі найпрыгажэйшыя імбірныя пернікі. Дарэчы, раней дзяўчаткі-выхаванкі цэнтра навучаліся ў кулінарнай школе «Гурмэ». Можа стацца, што для кагосьці з іх кулінарнае мастацтва будзе яшчэ і прафесіяй.
Дарэчы, спадар Шывэ на пытанне, ці каштаваў ён стравы беларускай кухні, адказаў сцвярджальна. Натуральна, беларуская кухня падобная на ўкраінскую і польскую, адзначыў ён, а адрозніваецца тым, што нашыя стравы менш тлустыя і больш лёгкія. Таму менавіта беларускай кухні аддае перавагу кандытар з Ліёна, сям’я якога ўжо цягам некалькіх стагоддзяў удасканальвае кулінарнае майстэрства.
Да майстар-класа былі загадзя падрыхтаваныя пернікі, а дзецям пакінулі самае цікавае: упрыгожыць іх. Гэта было і складана, і здорава: на перніках у форме елачак, зорачак, снегавікоў маляваць жоўтай і белай глазурай узоры і старацца, каб атрымалася найпрыгажэй і не так, як у іншых…
Пад час майстар-класа высветлілася, што пернікі і глазура паасобку таксама смачныя і што, нягледзячы на два колеры глазуры – жоўты і белы –
усе пернікі атрымаліся рознымі. А пернік з няўдалым узорам (калі такі раптам знаходзіўся) заўсёды можна было проста з’есці.
Мы ж прапануем нашым чытачам падсмачніць калядныя святы імбірнымі пернікамі па даволі простым рэцэпце. Для цеста спатрэбіцца: палова шклянкі цукру, сто грамаў масла, адно яйка, дзве лыжкі смятаны, дзве шклянкі мукі, палова лыжкі разрыхляльніка для цеста і па палове лыжкі імбіру і цынамону. Для глазуры трэба паўтары шклянкі цукровай пудры і тры лыжкі лімоннага соку.
Гатуецца печыва даволі проста. Спачатку трэба ўзбіць масла з цукрам, яйкам і смятанай, дадаць муку, разрыхляльнік, імбір і цынамон. Цеста добра вымясіць, загарнуць у харчовую плёнку і пакласці ў холад на 30-40 хвілінаў. Духоўку трэба разагрэць да 180°С. Цеста раскатаць таўшчынёй у 3-5 міліметраў, выразаць печыва, выкласці на пакрытую пергаментам бляху і выпякаць, пакуль печыва не падрумяніцца.
Для глазуры змяшаць цукровую пудру з сокам, каб атрымалася аднародная паста. Упрыгожыць печыва, пакінуць, каб глазура застыла.
Як бачыце, нічога складанага, але Каляды з такім печывам стануць смачнейшымі. І дакладна – больш духмянымі.
Ніна КАЗЛЕНЯ
Фота аўтара
Комментарии
Авторизуйтесь для комментирования
С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.