Невядомая далёкая Шаркаўшчына

Поддержи

З Мінска да гарадскога пасёлка Шаркаўшчына, што ў Віцебскай вобласці, ехаць тры гадзіны. Яны былі б доўгімі, калі б не магчымасць разглядваць праз вакно касцёлы і цэрквы, помнікі, вёскі і вёсачкі, што ўзнікаюць на імгненне і ўмомант сплываюць з вачэй.Мы ехалі ў Шаркаўшчынну на «Фестываль малых рэк», які адбыўся там акурат у сярэдзіне месяца, 15 жніўня.

Але спачатку заязджаем у Германавічы, вёску за дваццаць кіламетраў ад Шаркаўшчыны. Рака Дзісна, што працякае тут, нібы дзеліць вёску на дзве часткі. На адным беразе ракі знаходзіцца царква, на другім – касцёл, пабудаваны ў канцы XVIII стагоддзя Ігнаціем Шырыным. Нас чакае кароценькі шпацыр па старым парку, які некалі заклаў каля сваёй сядзібы Шырын. Яна добра захавалася, цяпер у ёй знаходзіцца Культурна-асветніцкі цэнтр імя Язэпа Драздовіча, незвычайнага, фантастычнага мастака, якога называюць беларускім Леанарда да Вінчы.

Парк, дзе таксама цячэ Дзісна, незвычайна прыгожы: можна падыйсці да стромкага берага і глянуць уніз, на марудна-спакойную рэчку. Яшчэ ў парку ёсць чатыры пруды, якія некалі былі злучаныя з ракой, але цяпер яны знаходзяцца ў дрэнным стане. Зусім нядаўна сам парк таксама быў недагледжаным, і калі ў мясцовых жыхароў з’явілася жаданне яго аднавіць, у гэтым ім дапамог праект «Малыя рэкі – вялікія праблемы». Пакуль што аднаўленне не закончанае, але вяскоўцы ўжо прыходзяць сюды гуляць і адпачываць.

Дарэчы, на Шаркаўшчыне, у вёсцы Малыя Алашкі нарадзіўся беларускі садавод і селекцыянер Іван Сікора, які вывеў каля пяцісот гатункаў яблыняў, сліваў, бэзу, ружаў. І, напэўна, дзякуючы яму своеасаблівым сімвалам Шаркаўшчынскага краю цяпер з’яўляецца яблык, а на радзіме Івана Сікоры штогод ладзіцца фестываль «Яблычны Спас».

***

Пасля невялікай прэс-канферэнцыі выпраўляемся ў Шаркаўшчыну, дзе мусіць адбыцца «Фестываль малых рэк». Два гады таму ў трох раёнах Віцебшчыны – Глыбоцкім, Пастаўскім і Шаркаўшчынскім – пачаў дзейнічаць праект «Малыя рэкі – вялікія праблемы». Уласна, з гэтай кароткай, але ёмістай назвы праекта вынікае сутнасць праблемы, якой заклапочаныя эколагі, мясцовыя жыхары, улады: ад чысціні маленькіх беларускіх рэк і рачулак залежыць здароўе людзей і экалагічная сітуацыя не толькі ў нашай краіне, але і ў суседніх. Вось што расказала пра гэта Ірына Іванова, кіраўнік вышэйзгаданага праекта і менеджар фонда «Інтэракцыя», што таксама спрычыніўся да рэалізацыі праекта:

– Праект унікальны тым, што ў ім над агульнай экалагічнай праблемай працуюць мясцовыя жыхары, улады, інспекцыі – усе яны разам вырашаюць праблему малых рэк. Увогуле пра гэта няшмат кажуць, і мы хочам нагадаць, што для вёсак малыя рэкі – крыніца пітной вады, і калі яны забруджваюцца, то і вада ў калодзежах і калонках таксама становіцца бруднай. І мясцовыя жыхары не засталіся абыякавымі да гэтай праблемы: у праекце ўдзельнічалі чатырыста чалавек, каля сотні дарослых і трыста школьнікаў. Яны даследавалі малыя рэкі і адначасова прыбіралі тэрыторыі каля іх. У выніку адбылося больш за сто такіх своеасаблівых экспедыцыяў, пад час якіх было сабрана 150 мяшкоў смецця. Былі ачышчаныя малыя рэкі, прытокі Дзісны, а вада з Дзісны, як мы ведаем, трапляе ў Балтыйскае мора, якое цяпер знаходзіцца амаль што ў стане экалагічнай катастрофы, – сказала Ірына Іванова.

Але сітуацыя не з’яўляецца бязвыхаднай. Важным крокам у спыненні забруджвання з’яўляецца маніторынг малых рэк. Робіцца гэта так: раз на месяц экалагічны пост, што знаходзіцца на рацэ, выпраўляецца ў адмысловую экспедыцыю, дзе з дапамогай мабільнай хімічнай лабараторыі робіцца аналіз, вызначаецца забруджанасць вады.

– Экалагічныя пасты ствараюцца ў межах аднаго сельсавета, – распавяла каардынатар экалагічных клубаў Вольга Мароз, – гэта робіцца намаганнямі ўлады і мясцовых жыхароў. І карысць ад гэтага, безумоўна, ёсць: напрыклад, у Пастаўскім раёне было знойдзенае месца каля ручая, у водаахоўнай зоне, дзе складваліся ўгнаенні. Тады людзі звярнуліся ў інспекцыю прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, там адрэагавалі і праблему вырашылі.

Дарэчы, як расказала Вольга Мароз, менавіта школьнікі шмат у чым спрыяюць развіццю праекта:

– Іх інтарэс пачынаўся са школьных экалагічных клубаў і ўрокаў біялогіі, а потым дзеці, як маленькія вучоныя, даследавалі ваду ў рэках, азёрах і нават сваіх калодзежах. І расказвалі пра гэта дарослым, бо мы самі часам не разумеем, чаму нельга рабіць прыбіральню побач з калодзежам ці памыйную яму на беразе пруда. А калі дзіця паказвае вынікі даследавання, вось, маўляў, у нас у калодзежы вада такая і такая, то дарослыя пачынаюць таксама над гэтым задумвацца, – упэўненая Вольга Мароз.

Праграма фестываля была надзвычай насычанай, і вельмі хацелася паспець пабачыць усё. Так, пад час фэсту адбылася прэзентацыя экалагічнай гульні «Ecokids», у якой дзеці змогуць навучыцца берагчы ваду і электраэнергію, правільна абыходзіцца са смеццем (саму гульню можна бясплатна запампаваць на планшэты і смартфоны), конкурс «Малюем энергаэфектыўную школу», будаўніцтва хатак для гогаляў – гэта вельмі прыгожыя рачныя качкі з чорнымі шчочкамі, якія робяць свае гнёзды каля вады ў дуплах дрэваў, а таксама могуць жыць у хатках, зробленых адмыслова для іх людзьмі.

***

Калі я толькі збіралася ехаць на фестываль, мне ў рэдакцыі прапанавалі скарыстацца такой удалай магчымасцю і пагаварыць са старшынёй нядаўна створанай Шаркаўшчынскай раённай арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў Верай Уладзіміраўнай Хаданёнак. Мы загадзя сазваніліся, дамовіліся пагаварыць і сустрэліся сярод фестывальнай мітусні.

Заўважу, што ў Шаркаўшчыне арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў ніколі раней не было, у адрозненне ад іншых гарадоў і гарадскіх пасёлкаў, дзе раённыя арганізацыі былі створаныя і дзейнічалі, але па розных прычынах іх дзейнасць была спыненая. Лішне казаць, наколькі гэта складана – пачынаць усё з нуля, з нічога, тым болей у апошнія гады, калі бадай што любая грамадская дзейнасць здаецца няпэўнай ці немэтазгоднай. Вось што расказала мне Вера Уладзіміраўна:

– Нашая арганізацыя стваралася цягам аднаго года. Цяпер у нас 102 члены. Большасць з іх – інваліды І групы, 12 чалавек не з’яўляюцца інвалідамі, але таксама ўступілі ў Беларускае таварыства інвалідаў, бо ў кагосьці сваякі маюць інваліднасць, у кагосьці – дзіця-інвалід. Усяго ў раёне інвалідаў каля тысячы чалавек, у таварыстве ёсць і людзі з вёсак, але большасць, канешне, з Шаркаўшчыны.

Цікаўлюся ў Веры Уладзіміраўны, як яна стала старшынёй раённай арганізацыі БелТІ і ці працавала раней з інвалідамі або ўвогуле ў сацыяльнай сферы. Аказваецца, не – яе праца была звязаная зусім з іншым:

– Раней я працавала ў бібліятэцы (скончыла бібліятэчны тэхнікум), а калі выйшла замуж, пайшла працаваць у калгас, бо мы з мужам жылі ў вёсцы. А дзесяць гадоў таму я захварэла, патрапіла ў бальніцу на дыяліз, і мы пераехалі ў Шаркаўшчыну. З таго часу я не працую, маю першую групу інваліднасці. А наконт пасады старшыні арганізацы, – тут мая суразмоўца сціпла ўсміхаецца, – я і не думала, што буду гэтым займацца, але ж папрасілі. Часам вельмі складана бывае, я ўжо думаю, што ўсё, не магу болей. Але ж усё роўна раблю. Калі што бывае незразумела, у Віцебск Міхаілу Ягоравічу Каралюну пазваню, ён нешта параіць.

– Мне, праўда, муж дапамагае, – дадае Вера Уладзіміраўна. – Ён, напэўна, палову маёй працы робіць. Хто дзе далёка жыве, ён туды на веласіпедзе з’ездзіць, пагаворыць. Калі якое спартыўнае мерапрыемства мы праводзім, тады ён усё арганізоўвае, бо выкладаў фізкультуру ў школе. То і мне ўжо лягчэй.

Неяк сама сабою размова пераходзіць да надзённага і набалелага – так, да грошай.

– Канешне, з фінансамі ў нас складана. Шчыра скажу, мы больш дапамагаем людзям псіхалагічна, чым матэрыяльна. Ну а што рабіць, калі іначай не атрымліваецца? Вось, бывае, пагаворыш з чалавекам, і яму ўжо лягчэй стане. А пойдзеш узносы збіраць, зойдзеш у дом да чалавека, паглядзіш, як ён жыве, і думаеыш: якія тут могуць быць узносы? Чалавек ледзьве выжывае, самае патрэбнае часам купіць не можа. Такіх людзей мы стараемся ад узносаў вызваляць. А калі ў нас мерапрыемствы бываюць, мы ж хочам кожнаму, хто да нас прыходзіць, хоць нешта на памяць падарыць, хоць які сувенір, але зноў жа патрэбныя сродкі на гэта. Я надта не хаджу і не прашу, – кажа Вера Уладзіміраўна, – бо адзін адказ: грошай няма, шукайце самі. А дзе іх знойдзеш? Даводзіцца выкручвацца.

Мы падтрымліваем стасункі з тэрытарыяльным цэнтрам, з яго загадчыцай Таццянай Мар’янаўнай Клімза, – працягвае размову Вера Уладзіміраўна. – Члены нашага таварыства там займаюцца ў розных гуртках. Маладых людзей у нас, праўда, няшмат, чалавек дваццаць пяць. Пажылых людзей мы стараемся на канцэрты запрашаць, крыху білетаў нам на гэта выдзяляюць. Мы іх размяркоўваем паміж людзьмі па чарзе, каб кожны мог у свой час некуды схадзіць, адпачыць.

– Да кожнага чалавека можна знайсці падыход, трэба толькі паставіць сябе на яго месца, – кажа мая суразмоўца, і я ўзгадваю чыесьці мудрыя словы: перш чым судзіць чалавека, паспрабуй хаця б мілю прайсці ў ягоных сандалях. – Тады неяк усё само сабой атрымліваецца. Бывае, думаеш пра сябе, што вось хворая, працаваць цяжка, а паглядзіш на іншых – дык яшчэ і нічога, – кажа Вера Уладзіміраўна і падсумоўвае: – Вось так памалу-паціху і працуем.

***

Калі я збіралася ехаць на фестываль і калі вярнулася адтуль, у мяне часам пыталіся: «Шаркаўшчына? А гэта дзе?». І мне падумалася, што Шаркаўшчынскі край таксама як яблычак –
амаль што на самай высокай галіне Беларусі. Сарваць такі яблычак – ого, паспрабуй! Не кожны сюды даедзе-дабярэцца, ды і не кожны захоча гэта зрабіць: далёка, доўга, складана. Але той, хто будзе там, думаю, не расчаруецца ў тамтэйшых жыхарах з іхняй асаблівай і нетаропкай гаворкай, у тамтэйшых вядомых мясцінах, без перабольшвання, унікальных, і ў самым краі таксама не расчаруецца, бо ён варты таго, каб там пабываць.

Ніна КАЗЛЕНЯ

Фота аўтара

Присоединяйтесь к нам! Telegram Instagram Facebook Vk

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.