Лявонпальская гісторыя

Поддержи

Лявонпаль, Мёрскі раён. Віцебшчына, на мяжы з Латвіяй
Цяпер у сядзібе Лапацінскіх праходзяць набажэнствы.

Лявонпаль – невялікае мястэчка ў Мёрскім раёне, на самым беразе Заходняй Дзвіны, і амаль побач з Латвіяй – ад яго цэнтра да мяжы крыху болей за 10 кіламетраў. У гэтым куточку Віцебшчыны мінулыя стагоддзі, здаецца, не адышлі ў нябыт, а засталіся на гэтай зямлі: прараслі векавымі дрэвамі, камянямі ляглі ў падмуркі сценаў, сплылі пяском на дно Дзвіны. Памяць пра колішнія часы засталася, і сляды яе тут паўсюль.

…На ўскраіне вёскі за густымі шатамі дрэваў стаіць былая сядзіба графскага роду Лапацінскіх, пабудаваная ў XVIII стагоддзі. Лёс будынка быў сапраўды складаным, а цяпер ён чарговы раз перададзены каталіцкім вернікам для правядзення набажэнстваў. Непадалёк знаходзіцца напачатку ўніяцкая, а цяпер Свята-Траецкая праваслаўная царква.

…Як вядома, 3 мая 1791 года была прынятая Канстытуцыя Рэчы Паспалітай, першая ў Еўропе і другая ў свеце пасля Канстытуцыі ЗША. У памяць аб гэтай падзеі на ўскраіне Лявонпаля па загадзе Яна Мікадзіма Лапацінскага была ўзведзеная мемарыяльная калона вышынёй пад дзесяць метраў.

Лявонпаль, Мёрскі раён, Віцебшчына, Музей Радзімазнаўства
Драўляны ровар з Музея Радзімазнаўства

…Намаганнямі паэта Сяргея Панізьніка ў Лявонпалі быў створаны Музей Радзімазнаўства і музей «Хатка бабкі Ядзвінні», дзе захоўваецца нямала цікавых і каштоўных экспанатаў.

Лявонпаль, Мёрскі раён, Віцебшчына, на мяжы з Латвіяй
Вера Іванаўна Рудзіч

У такім мястэчку і жыве мая суразмоўца – Вера Іванаўна Рудзіч. На нясціплае журналісцкае пытанне аб узросце Вера Іванаўна толькі загадкава рассмяялася і сказала, што яна ўжо немаладая. Толькі вочы яе, якраз-такі маладыя і жвавыя, прымушаюць думаць інакш.

Вера Рудзіч захварэла пасля поліяміэліту ў чатырохгадовым узросце. З таго самага часу яна не можа хадзіць і перасоўваецца ў інвалідным вазку альбо наўколенцах. Чалавеку з інваліднасцю (у Веры Іванаўны першая група) жыць складана нават у горадзе, што ўжо казаць пра вёску. Але ж Вера Рудзіч жыве не горш за іншых сваіх аднавяскоўцаў.

Раней яна жыла ў вёсцы Скакуны разам з бацькамі, а пасля іх смерці – у вёсцы Даўгінава(гэта суседнія з Лявонпалем паселішчы), хаця жанчына і спадзявалася, што атрымае кватэру ў Мёрах. З 1996 года Вера Рудзіч стала жыць у Лявонпалі.

Усё-такі ў раённым горадзе, хай сабе і невялікім, было б крыху лягчэй – напрыклад, таму, што ў кватэры была б гарачая вада. Гэта ж тычыцца і ацяплення – добра, што брыкет на зіму Веры Рудзіч ужо прывезлі. Жанчына аплачвае палову яго кошту, а кіраўніцтва калгаса выдзеліла машыну, каб прывезці брыкет у Лявонпаль. Для Веры Іванаўны гэта значная палёгка, бо яе пенсія меншая за два мільёны.

– Калі быў час ісці ў школу, да нас дадому сталі прыходзіць настаўнікі. Так я і вучылася. Потым, калі трэба было атрымліваць прафесію, скончыла курсы стэнографаў, але па спецыяльнасці працаваць не змагла. Мне прысылалі стэнаграмы для расшыфроўкі, але раз на месяц усё роўна трэба было збірацца і ехаць у Віцебск, – расказвае жанчына. – А я гэтага не магла зрабіць.

На вуліцы Вера Іванаўна бывае зрэдку – калі ёсць каму дапамагчы ёй туды выйсці, бо з інваліднай каляскай усё-такі зручней спраўляцца не аднаму чалавеку, а дваім. Дарэчы, летась да хаты, якая стаіць на высокім  падмурку, прыбудавалі пандус. Калгас выдзеліў на гэта матэрыялы, а аднавясковец Веры Іванаўны яго зрабіў, так што падымацца і спускацца стала прасцей. Але па хаце ў калясцы ёй рухацца не вельмі зручна, лягчэй ужо проста наўколенцах. Ёсць у жанчыны і маленькая каляска, на якой зручна не толькі перасоўвацца самой, але і нешта перавозіць.

Лявонпаль, Мёрскі раён, Віцебшчына, Вера Рудзіч
Маленькая каляска, на якой рухаецца па хаце Вера Рудзіч

Прыходзіць да Веры Іванаўны сацыяльны работнік, аднасяльчанка Кацярына Пірог. Звычайна жанчына займаецца тымі хатнімі справамі, якія самой гаспадыні было б зрабіць цяжка, – мые падлогу, развешвае бялізну, прыносіць з крамы прадукты. Усё астатняе Вера Іванаўна ў асноўным робіць сама – гатуе, мые адзенне, прыбірае. Часам ёй дапамагаюць суседзі, заходзіць загадчык мясцовага сельскага цэнтра вольнага часу  Таццяна Кліманская, стараста вёскі Марыя Вацлаваўна Шук, царкоўная стараста Марыя Пятроўна Сушко і дачка былога лявонпальскага святара Вера Чысцюліна (Мелях). На некалькі месяцаў улетку і ўзімку да Веры Рудзіч прыязджае сястра Ала, і тады сацыяльны работнік атрымлівае невялікі адпачынак.

Часу пасля хатніх спраў у жанчыны застаецца няшмат, а калі застаецца, яна чытае, шые, глядзіць тэлевізар. Тут варта будзе ўзгадаць яшчэ адзін момант – да нядаўняга часу тэлевізар у Веры Іванаўны быў зусім стары – трэба было чакаць ледзьве не дзве гадзіны, каб ён разагрэўся і пачаў паказваць. Выклікаць майстра ў вёску было б і складана, і дорага. Але нядаўна адзін з суседзяў Веры Рудзіч, Віктар Белавус, прынёс ёй свой тэлевізар, не новы, але спраўны. Для жанчыны ён сапраўднае вакно ў свет.

Марыся СНЕЖНЕВА

Фота аўтара

Присоединяйтесь к нам! Telegram Instagram Facebook Vk

Комментарии

J-anna

2014-08-12 19:48:45

Уважаю людей, которые стараются жить не хуже других с таким здоровьем. Хочу пожелать Вере Ивановне Рудич терпения и оптимизма в дальнейшей жизни. МОЛОДЕЦ!

Uladzia

2014-08-11 23:35:01

Дзякуй спн. Марысі за публікацыю! Сапраўды, унікальнае мястэчка ў нашай краіне. А цікавостак там і ўвогуле нашмат болей, ды не пра тое публікацыя газетная (лепей самім пабачыць такі музей пад чыстым небам). А што да спн. Веры Рудзіч -- гэта варта бачыць, колькі ў яе аптымізму пры такім няпростым жыцці. Хаця праблемаў не бракуе.

Авторизуйтесь для комментирования

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.